Я в будни и праздник свой город люблю, А.Легчилов |
Наш Кастрычніцкі раён ― цудоўны край, наша малая Радзіма, яна добрая і гасцінная, прыгожая ва ўсе часы года. І так супала, што юбілей раёна адзначаецца менавіта вясной. 19 сакавіка ў бібліятэцы № 20 прайшоў святочны вечар “Сардэчна адкрыты для ўсіх і заўсёды”, прысвечаны 80-годдзю Кастрычніцкага раёна.
Свята пачалося са шчырых і сардэчных віншаванняў вядучай - загадчыцы бібліятэкі Кацярыны Міхайлаўны Звяровіч. У суправаджэнні мультымедыйнай прэзентацыі прагучаў гімн раёна. Першымі ўрачыста з нумарам “Барабаншчыцы” павітаў гледачоў тэатр танца “Чарлі” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” пад кіраўніцтвам Вольгі Пашкоўскай.
Калі 80 год для чалавека - гэта салідны ўзрост, то для раёна - імгненне гісторыі, і пра шэраг гэтых імгненняў расказаў гісторык, выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, прафесійны экскурсавод Іван Іванавіч Сацукевіч. Яго змястоўны, займальны і эмацыянальны аповед пазнаёміў гледачоў з гісторыяй старажытных прадмесцяў на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна. Іван Іванавіч пазнаёміў з вельмі цікавымі звесткамі аб перайменаванні вуліц гэтай часткі горада. Зрабіць інфармацыю больш даступнай і выразнай яму дапамагла мультымедыйная прэзентацыя. Выступленне гісторыка Івана Сацукевіча вызвала жывы водгук у аўдыторыі.
Кастрычніцкі раён шчодры на таленты. І сярод чытачоў нашай бібліятэкі ёсць знакамітыя людзі вядомыя ў Рэспубліцы Беларусь і, нават, за яе межамі. Адзін з іх, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Захаравіч Башлакоў, завітаў на вечарыну, каб павіншаваць удзельнікаў свята сваімі цудоўнымі, кранальнымі вершамі.
Канцэртную праграму вечара склалі яскравыя выступленні шоу-групы “Неугомонная Клавдия” Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна пад кіраўніцтвам Вячаслава Ушакова, калектываў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”: тэатр танца “Чарлі” пад кіраўніцтвам Вольгі Пашкоўскай і вакальная група “Неба” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мядзведзева. Таксама ўвазе гледачоў былі прапанаваны арыгінальныя сольныя вакальныя і танцавальныя нумары Вячаслава Ушакова і Таццяны Харытонавай.
Завяршыла праграму займальная хвілінка міні-віктарынка.
Пад час мерапрыемства ўдзельнікі свята азірнуліся на пройдзены Кастрычніцкім раёнам шлях, даведаліся пра яго гісторыю і сучаснасць.
Да ўрачыстай даты супрацоўнікамі бібліятэкі былі падрыхтаваны кніжна-ілюстраваная выстава “Цудоўнаю красою мяне здзіўляе мой раён” і кніжная інсталяцыя ў выглядзе святочнага торта.